Праграмныя задачы: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, развіваць цікавасць да нацыянальнай культуры; развіваць творчыя здольнасці, увагу; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю і гонару за яго, працавітасць, чуласць.
Матэрыял і абсталяванне: палка, стойка, абрус, хлеб, ручнік, “пірог”, збанок з “квасам”, міска з бульбай, гарўок з “мёдам”, кошык, боты, дзіцячыя беларускія нацыянальныя касцюмы, кошыкі з бульбай. капустай, яблыкамі, гароднінай, дзіцячыя музычныя інструменты; аўдыязапісы: вясёлай беларускай народнай музыкі, мінусавыя фанаграмы песні “Белоруссия” (сл. Н. Добронравова, муз. А. Пахмутовой) беларускай народнай песні “Лявоніха”; стол, лава, макет печы, музычны цэнтр.
Дзеючыя асобы: баба Марыля, дзед Васіль, Несцерка, баба Агата, Бусел – дарослыя.
Ход свята
Музычная зала аформлена ў выглядзе беларускай хаты. У цэнтры знаходзіцца стол з лавай, збоку – “печ”. На лаве сядзяць баба Марыля і дзед Васіль. Баба Марыля напявае:
Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
К. Буйло
Ой, гэта э я зусім забылася… Госці да нас зараз завітаюць. Вазьмі, Васіль, абрус з куфра ды засцілай стол.
Дзед Васіль засцілае абрусам стол. Гучаць народныя спевы.
Дзед Васіль Святкуюць людзі, Беларусь праслаўляюць, восень у краях нашых вітаюць ды ўсхваляюць за дары багатыя і цудоўную яе прыгажосць!
Чуецца стук у дзверы.
Баба Марыля Госцейкі, заходзьце, калі ласка!
У залу ўваходзяць вядучы з хлебам на ручніку і дзеці з кошыкамі бульбы і капусты.
ВядучыДобры дзень, баба Марыля!
Баба Марыля Вітаю вас, даражэнькія! Чым багаты, тым і рады!
Вядучы Дык і мы да вас не з пустымі рукамі прыйшлі.
Дзяўчынка Восень у гэтым годзе надзіва багатая! Бульба ўрадзіла. (Ставіць на лаву кошык з бульбай.)
Хлопчык Капусткі нашай паспрабуйце. (Ставіць на стол кошык з капустай.)
Вядучы А вось і хлеб наш просты, жытні, бо без хлеба і хата не хата, і поле не поле, і доля не доля, і свята не свята. (Перадае хлеб.)
Баба Марыля Дзякуй вам за гасцінцы, госці даражэнькія! Пайду квасок прынясу ды пірог з печы дастану. (Дастае з “печы” “пірог”, бярэ збанок з “квасам”, нясе да стала.)
Вядучы А мы тым часам зайграем нашу беларускую!
Дзіцячы аркестр
Пад гучанне вясёлай беларускай народнай музыкі ўваходзіць Несцерка.
Несцерка Гэй-гэй! Дзед Васіль, бабуля Марыля! Цы жывы-здаровы?
Дзед Васіль Добры дзень, Несцерка! Заходзь да нас, прывітайся з нашымі ўнукамі. Глядзі, колькі іх маем!
Несцерка Прывітанне вам, дзеткі мае даражэнькія. Эге, ды колькі вас тут сабралася! Не раўняючы, як дроў у лесе. Ой, прабачце, можа я каго абразіў? Не, як кветачак у полі! А скажыце, на якое гэта свята я трапіў?
Дзед Васіль А свята гэта наша, беларускае.
Баба Марыля Свята нашага роднага краю.
Несцерка Гэтае свята я вельмі паважаю, бо…
Я мужык-беларус, -
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы.
Я. Купала
Ох і вясёлае ж у вас свята! І гасцей вельмі багата. А музыка якая тут цудоўная!
Дзед Васіль Запрашаю ўсіх на танец!
Танец “Лявоніха”
Несцерка Вось гэта па-нашаму! Станцавалі ўсе як след вясёлую “Лявоніху”! І наш край я таксама люблю.
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць…
Я. Колас
Вядучы
Беларускія краявіды…
Перазвоны азёр і бароў.
Над палеткамі бульбы і жыта –
Песня велічных курганоў.
Гэта наша зямля дарагая,
Гэта нашы лугі і палі,
Над якімі спрадвеку лунае
Бусел – сімвал бяссмерця зямлі.
А. Грачанікаў
Дзеці
Бусла мы паважаем,
Да сябе яго запрашаем.
Баба Марыля
Зранку, дзеткі. на буслянцы
Клёкаў бусел шчыра так!
Вось ляціць да нашай хаты.
Гоніць вецер на крылах.
Пад мелодыю песні “Белоруссия” ў залу “ўлятае” Бусел, “кружыць” і становіцца перад дзецьмі.
Бусел
Завітаў да вас на свята,
Чу, чакалі вы мяне.
Тут над рэчкаю сасонкі,
Ручаёк пляскоча звонкі.
Мне ніколі не пражыць
Без любімае старонкі!
Песня “Родны бусел”
(сл. Н. Галіноўскай, муз. С. Галкінай)
Бусел
Па балоце я хаджу,
Жабак есці я люблю.
Запрашаю, дзеткі, вас
На вясёлую гульню.
Гульня “Бусел і жабкі”
Дзеці становяцца ў круг і бяруцца за рукі, у цэнтры – Бусел, па-за кругам – 2-3 “жабкі”.
Дзеці спяваюць:
Ходзіць бусел па балоце,
Кліча жабак на работу.
Жабка кажа: “Не пайду!”
Бусел кажа: “Павяду”
Жабка кажа: “У суд падам!”
Бусел кажа: “Зараз дам!”
Дзеці падымаюць рукі – утвараюць “вароты”. Бусел даганяе “жабак”.
Несцерка
Мы схавалі Бусла боты,
Каб не швэндаў па балотах!
Дзеці
Бусел, бусел, сігані,
Свае боты дагані!
Гульня “Дагані боты”
Гучыць вясёлая беларуская народная музыка. Дзеці ў крузе перадаюць адзін аднаму боты. Бусел, стоячы ў цэнтры, “даганяе” іх і збірае.
Бусел
Вельмі весела мне з вамі,
З маімі шчырымі сябрамі,
Але прыйшоў час развітацца –
Трэба ў вырай мне збірацца.
Бусел развітваецца і “вылятае” з залы. Уваходзіць баба Агата з кошыкам.
Баба Агата Добры дзень, суседзі і дзеткі дарагія!
Я суседка Агата,
Завітала да вас на свята.
Завітала на хвіліначку
Павіншаваць суседзяў дарагіх
І хлопчыкаў, і дзяўчыначак.
Баба Марыля
Рады бачыць, прывітанне!
Дзякуй вам за віншаванне.
На хвіліначку сюды,
А спяшаешся куды?
Баба Агата Захварэў мой дзед Цімох.
Ён на печы стогне: “Ох!”
І цяпер па гаспадарцы
Завіхаюся адна.
У агародзе і ў хаце
Я ад ранку да цямна.
Вядучы Гаспадарка не малая?
Баба Агата
Дзвюх каровак я трываю,
Качкі ёсць і качаняты,
Гусі ёсць і гусяняты,
Парсючкі ёсць і авечкі,
Садзім бульбу, сеем грэчку…
Як Цімоху палягчае,
Да сябе вас ў госці запрашаю.
А зараз трэба ў агарод спяшацца.
Вядучы Запрашаю вас застацца.
Нашы дзеці усё могуць,
У гаспадарцы дапамогуць.
Баба Агата
Дапамогуць яны мне?
Не смяшыце вы мяне!
Несцерка
Не глядзіце, што малыя,
Яны спрытныя такія!
Баба Агата
У агарод я пабягу,
Сабраць гародніну хачу.
Вось і кошык пры мне,
Дапаможаце вы мне?
Вядучы
Рады мы дапамагчы.
А вы сядайце адпачыць.
Запрашаю пагуляць усіх працавітых дзетак!
Гульня “Рэпа”
Кожны з дзяцей называе сябе якой-небудзь агароднінай (рэпай, рэдзькай, цыбуляй, морквай, радыскай і г. д.) і становіцца ў круг. Адзін з гульцоў выбіраецца “агароднікам”. Ён выходзіць на сярэдзіну круга і стукае палкай аб падлогу. У “агародніка” пытаюцца:
- Хто там?
- Агароднік!
- Чаго прыйшоў?
- Рэпу ўзяць!
Пасля такога адказу гульцы ладзяць карагод і спяваюць:
Зверху рэпа зялёная,
У сярэдзіне тоўстая,
К канцу вострая.
Хавае хвост пад сябе.
Хто да яе ні падыдзе,
Усялякі за віхор возьме.
Карагод спыняецца. “Агародніку” трэба здагадацца, хто з дзяцей “рэпа”.
Калі ён адгадае, “рэпа” ўцякае, бяжыць да стойкі, якая размешчана на некаторай адлегласці ад гульцоў. “Агароднік” ловіць “рэпу” і вядзе яе ў свой “агарод”. Гульня паўтараецца.
Песня “Карагод агародніны”
(сл. Э. Агняцвет, муз. А. Рэмізоўскай)
Несцерка
Так жывём і так працуем:
Мы з суседзямі сябруем,
З работай справімся любой
Мы вясёлай талакой!
Баба Агата Вялікі дзякуй, дзеткі, за дапамогу і добры настрой!
Баба Марыля перадае кошык з гароднінай. Баба Агата развітваецца і выходзіць.
Несцерка
І мне пара, усе бывайце,
Родны край не забывайце!
Хутка расціце, дружна жывіце,
Край свой любіце і беражыце!
Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы і прыгажэйшы,
А таму любіце, што за ўсё мілейшы, за ўсё даражэйшы.
Несцерка выходзіць з залы.
Дзед Васіль
Усё ў нас добра атрымалася!
Як вам, дзеткі, спадабалася? (Так, спадабалася!)
Баба Марыля Дык часцей да нас у вёску прыязджайце, а мы з дзедам Васілём чакаць вас будзем.
Вядучы Вялікі дзякуй вам, дзед Васіль і баба Марыля, за шчырую любоў да роднага краю. Пранясуць яе дзеці праз усё сваё жаццё.
1- е дзіця
То ялінкі, то сасонкі
Падпіраюць небакрай…
Прыгажэйшае старонкі
Не знайсйі, як не шукай.
2- е дзіця
Скачуць сонейка асколкі
Пасля дожджыку ў вадзе.
Весялейшае вясёлкі
Не пабачыш анідзе.
3- е дзіця
Пахне збожжа свежым хлебам,
Сыпле золата жніво.
Жаўрукі звіняць пад небам –
Славяць свету хараство.
4- е дзіця
На бярозе – белы бусел,
Пад бярозаю – ручай.
А завецца Беларуссю
Непаўторны родны край.
А. Вольскі
Дзед Васіль Дзякуй вам, даражэнькія, за шчырыя словы!
Баба Марыля А зараз падыходзьце весялей
Ды частуйцеся смачней!
(Паказвае на “стравы”). Вось вам мёд салодкі. А тут бульбачка-беларусачка духмяная! А гэта яблыкі спелыя, мядовыя!
Баба Марыля дае кошык з яблыкамі вядучаму, дзеці дзякуюць за пачастунак, раззвітваюцца і пад гучанне вясёлай беларускай народнай музыкі пакідаюць музычную залу.
раскрыть » / « свернуть